Рэформа дзяржсектара, рамка прыватызацыі са скрынінгам замежных інвестыцый, падатковая рэформа і рэформа дзяржзакупак, пенсійная рэформа, аналіз санкцый і Стратэгія эканамічнага развіцця да 2035 года — тое, што дэмакратычны ўрад зможа ўзяць у працу ў першы ж дзень.
Мандат
Прадстаўніцтва па эканоміцы і фінансах Аб'яднанага пераходнага кабінета рыхтуе эканамічныя рэформы, якія спатрэбяцца дэмакратычнай Беларусі ў першы ж дзень, аналізуе эканоміку цяперашняга рэжыму і фінансаванне сааграсіі, а таксама прадстаўляе дэмакратычныя сілы перад еўрапейскімі інстытутамі, Вялікабрытаніяй, Украінай і міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі.
Пакеты рэформаў
Рэформа дзяржсектара. Канцэпцыя для 1 500+ дзяржпрадпрыемстваў: прафесійнае кіраванне па KPI, незалежныя дырэктары, справаздачнасць паводле МСФС, прыватызацыя нестратэгічных актываў і абавязковыя 3–5 % выручкі на R&D. Канцэпцыя падрыхтаваная пры падтрымцы German Marshall Fund, перададзеная ў Каардынацыйную Раду для слуханняў і дапрацоўваецца з прафсаюзамі: спіс прадпрыемстваў, якія не будуць прададзеныя, нацыянальны фонд дабрабыту і карта сацыяльнай абароны работнікаў. Аналітычны рухавік — Belsoe.org.
Рамка прыватызацыі са скрынінгам замежных інвестыцый. Як прадаваць тое, што мусіць быць прададзена, — празрыста, праз біржу (не менш за 30 % акцый буйных прыватызаваных кампаній), са скрынінгам інвестараў паводле крытэрыяў нацыянальнай бяспекі і санкцый.
Рэформа дзяржзакупак. Канкурэнтныя працэдуры паводле стандартаў ЕС і e-закупкі: эканомія €700–900 млн на год, з якіх €200–250 млн накіроўваюцца наўпрост на заробкі настаўнікаў.
Падатковая рэформа. Зніжэнне абавязковай нагрузкі з больш як 50 % да 30–35 % прыбытку; адзіны плацёж для малога бізнесу; вылік 150–200 % на R&D; падатковыя канікулы для высокатэхналагічных стартапаў; у дзесяць разоў менш праверак.
Пенсійная рэформа. Трохузроўневая сістэма (базавая дзяржаўная пенсія, абавязковыя накапляльныя рахункі, добраахвотныя назапашванні), якая стварае €30–40 млрд доўгатэрміновага ўнутранага капіталу за 15 гадоў.
Энергетыка, ЖКГ, абарона інвестыцый, рынак капіталу — у кожнай рэформы ёсць пралічаны план у Стратэгіі 2035.
Аналітыка і міжнародная праца
- Аналітычныя запіскі і афіцыйнае дапаўненне для EEAS пра частковае зняцце санкцый OFAC з беларускіх банкаў і калійнай галіны (2026).
- Policy paper пра геапалітычныя рызыкі зняцця калійных санкцый для ЕС і Літвы; пазіцыя па Мазырскім НПЗ у 21-м пакеце санкцый ЕС.
- Аналіз дэмаграфічнага крызісу Беларусі і яго наступстваў для пенсійнай сістэмы і рынку працы.
- Ацэнка інстытуцыйных патрэб дэмакратычных сіл у прывязцы да шматгадовага бюджэту ЕС на 2028–2034 гады.
- Брыфінгі для FCDO Вялікабрытаніі, кансультатыўнай групы Еўракамісіі, EU Democracy Shield, Кангрэса ALDE і Сусветнага банка.
Дакументы і пазіцыі публікуюцца ніжэй па меры выхаду.


